ТЫПАЛО́ГІЯ МО́ЎНАЯ,
параўнальна-супастаўляльнае даследаванне структурна-функцыянальных уласцівасцей адзінак мовы ў сінхранічным плане без уліку генетычных сувязей моў. Разам з параўнальна-гіст. кірункам у мовазнаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства) з’яўляецца тэарэт. базай для фарміравання і фармулявання палажэнняў агульнага мовазнаўства, агульнай тэорыі натуральных моў. Абапіраючыся на даныя, атрыманыя ў сінхранічным даследаванні паасобных моў, у т. л. мёртвых, Т.м. імкнецца да фармулявання палажэнняў, якія датычацца або ўсіх вядомых моў (гл. Універсаліі моўныя), або пэўных груп (тыпаў) моў. Т.м. грунтуецца на ўліку таго, што ў мовах, якія супастаўляюцца, ёсць і агульнае, і адрознае, спецыфічнае. Адносіны, што ўзнікаюць пры гэтым паміж фактамі, элементамі, уласцівасцямі прыватнымі і агульнымі, адзінкавымі і пашыранымі ў многіх мовах, грунтуюцца на сувязі паміж разнароднымі формамі і адпавядаючым ім адным і тым жа сэнсе, г.зн. функцыі. На падставе функцыянальнай агульнасці форм розныя мовы могуць быць аб’яднаны ў групы, або тыпы (гл. Тыпалагічная класіфікацыя моў). У залежнасці ад таго, якія фармальныя адзінкі разглядаюцца, Т.м. падзяляецца на тыпалогію фаналагічную, марфал., сінтакс. і лексічную. Фаналагічная тыпалогія моў грунтуецца на ўліку таго, якія фанет. ўласцівасці гукаў і ў якой ступені выкарыстоўваюцца фаналагічна, г.зн. для адрознення значэння марфем і слоў. На гэтай падставе вылучаюць мовы вакалічныя (напр., французская) і кансанантычныя (напр., польская). Інш. фаналагічная групоўка моў атрымліваецца пры ўліку фаналагічнага выкарыстання прасадычных рысаў галосных і складоў ці фаналагічнай структуры саміх складоў. Марфалагічная тыпалогія абапіраецца пераважна на адрозненні моў па наяўнасці ці адсутнасці ў іх сістэмах такой адзінкі, як слова, а таксама па тыпах і характары спалучэнняў марфем у слове ці сказе. Сінтаксічная тыпалогія будуецца на аналізе структурных схем сказаў, у якіх знаходзяць увасабленне прыватныя і агульныя моўныя заканамернасці сувязей членаў сказа, парадку элементаў у словазлучэнні і сказе, іх катэгарыяльныя і семантычныя ўласцівасці, правілы пабудовы складаных сінтакс. адзінак і г.д. Лексічная тыпалогія заснавана на якасных і колькасных характарыстыках слоўнікаў асобных моў, на высвятленні разгалінаванасці, члянімасці і багацці разнастайных груповак слоў, на аналізе тыпаў значэнняў, спосабаў намінацыі з’яў, прадметаў і інш. Тыпалагізацыя моў можа грунтавацца таксама на сацыялагічных, арэальных, культуралагічных, экспрэсіўна-ацэначных і інш. падставах. Т.м. дае магчымасць вылучыць і апісаць такія ўласцівасці моў, што не могуць быць заўважаны пры інш. падыходах і служыць для навук. арыентацыі ў бязмежнай рэальнай разнастайнасці натуральных моў у свеце. Асобны выпадак Т.м. — тыпалагічнае даследаванне адной, асобна ўзятай мовы, але гэта магчыма толькі пры ўмове наяўнасці папярэдне пабудаванай дэдуктыўнай семіялагічнай мадэлі, з якой супастаўляецца даследуемая мова.
Літ.:
Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;
Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000;
Language typology 1985. Amsterdam, 1986.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 77